Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган перадаў Украіне пяцярых камандзіраў, якія абаранялі «Азоўсталь». Сярод іх — камандзір і намеснік камандзіра палка «Азоў», які прызнаны ў Расіі тэрарыстычнай арганізацыяй. Згодна з дамоўленасцямі пра абмен палоннымі, гэтыя камандзіры мусілі знаходзіцца ў Турцыі да канца ваенных дзеянняў. Крэмль заявіў, што гэта парушэнне дамоўленасцяў, якое «нікога не ўпрыгожвае», але разам з тым дадаў, што «ўсё разумее». Чаму Эрдаган пайшоў на такі крок і не пабаяўся рэакцыі Расіі? «Люстэрка» спытала ў расійскага палітолага Абаса Галямава.

Турцыя публічна дэманструе падтрымку Украіне яшчэ з 2014 года, ужо тады турэцкі прэзідэнт заняў адназначную пазіцыю што да пытання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Тым не менш працягваецца актыўнае, хай і ў цені, супрацоўніцтва Анкары з Масквой, галоўным чынам у сферы паставак у Расію заходніх тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Паводле Абаса Галямава, вяртанне Кіеву пяцярых паланёных у Марыупалі камандзіраў — гэта спроба Рэджэпа Эрдагана прадэманстраваць, на чыім баку ён усё ж такі знаходзіцца.
— Эрдаган разумее, што Пуцін прайграе, і спрабуе мінімізаваць страты, звязаныя з дамоўленасцямі і супрацоўніцтвам з ім. Турцыя спрабуе ўбудавацца ў постпуцінскі свет, — кажа палітолаг. — У гэтым сэнсе Эрдаган — флюгер, ён індыкатар таго, куды схіляюцца кан’юнктуршчыкі. Ён жа ведае, што за ім ёсць грахі — паралельны імпарт, дзякуючы якому ў Расіі дагэтуль ёсць ракеты. Значная частка кантрабанды ідзе праз Турцыю. Калі Расія ўсё роўна прайграе, то навошта лічыцца наступным ворагам вольнага свету? Амерыка, Украіна і ўся антыпуцінская кааліцыя, якая цяпер сфармавалася, — гэта магутная сіла. Навошта Эрдагану чакаць, калі яны павернуцца да яго са словамі: «А цяпер будзем разбірацца з тымі, хто падтрымліваў Пуціна»? Лепш аказацца ў лагеры тых, хто будзе разварочвацца.
Паводле Абаса Галямава, рэакцыя афіцыйнага Крамля на навіну пра вяртанне ва Украіну пяці камандзіраў з Марыупаля была прадказальнай. І тым не менш прэзідэнт Турцыі наважыўся на публічную падтрымку Украіны, бо Расіі няма чым яму адказаць.
— Ён мяркуе, што Пуцін ужо не той гулец, чыё меркаванне важнае. Эрдаган з тых, хто паважае сілу, ён вельмі цынічны чалавек, — разважае Абас Галямаў. — Пакуль ты моцны — ты мне патрэбны, і я буду з табой лічыцца. А калі ты аслабеў, то гора пераможаным.
Варыянтаў адэкватнага адказу ў Расіі цяпер няма, і гэта разумеюць у Анкары, лічыць Абас Галямаў:
— Вядома, яны цяпер будуць спрабаваць неяк адпомсціць, бо гэта сапраўды выглядае ганебна. Але, відавочна, іх магчымасці цяпер абмежаваныя. Прымаючы гэтае рашэнне, Эрдаган, безумоўна, пралічваў рэакцыю Масквы. І вырашыў, што плюсаў у выніку гэтага дзеяння ён атрымае больш, чым мінусаў.
Чытайце таксама