У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што баі ідуць у заходняй частцы Бахмута, аднак пра новыя захопленыя кварталы, як у папярэднія дні, паведамленняў няма. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што адбілі больш за 60 атак на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны разважаюць пра прычыны звальнення з пасады камандуючага Ціхаакіянскім флотам РФ.

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 422-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Пабілі пяць пунктаў кіравання праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 23 авіяцыйныя ўдары і правялі 49 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Асноўныя намаганні расіяне засяроджваюць на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі на гэтых напрамках адбіта больш за 60 атак.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў дзевяць населеных пунктаў.
— На Купянскім напрамку за мінулыя суткі абстрэлам расійскіх войскаў падвергліся пяць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія сілы спрабавалі палепшыць тактычнае становішча, вялі наступальныя дзеянні ў раёне Серабранскага лясніцтва. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся сем населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку працягваюцца цяжкія баі за горад Бахмут. Ад варожых абстрэлаў пацярпелі 14 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім напрамку расіяне вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Каменкі, Першамайскага і Невельскага, але поспеху не мелі. Абстралялі восем населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку за мінулыя суткі УСУ адбілі шматлікія атакі праціўніка ў раёнах Мар'інкі і Перамогі Данецкай вобласці. Абстрэлам расійскіх сіл падвергліся шэсць населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку праціўнік за суткі абстраляў пяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне абараняюцца. За суткі яны абстралялі больш чым 40 населеных пунктаў. Сярод іх — горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за дзень нанесла шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі расійскіх сіл.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі пяць пунктаў кіравання праціўніка.
Мінабароны РФ: Нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 135 раёнах
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра знішчэнне ў Харкаўскай і Луганскай вобласці чатырох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў пабілі падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка Луганскай вобласці, Сінькоўка, Цімкаўка і Першатраўневае Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Ліман Першы, Сінькоўка, Навасёлаўскае і Стальмахоўка спыненыя дзеянні чатырох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Кіслоўка Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў УСУ.
Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі больш за 60 вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, тры аўтамабілі, гаўбіца Д-20 і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвонапапоўка, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Грыгораўка і Серабранка Данецкай вобласці. Знішчаныя больш за 55 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, гаўбіца Д-20 і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку штурмавыя атрады працягвалі весці баі ў заходняй частцы Бахмута. Паветрана-дэсантныя войскі спыняюць спробы УСУ контратакаваць на флангах і аказваюць падтрымку дзеянням штурмавых атрадаў па авалоданні горадам. Авіяцыяй, агнём артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Краснае, Часаў Яр і Прадцечына Данецкай вобласці. Авіяцыя для падтрымкі дзеянняў штурмавых атрадаў здзейсніла восем вылетаў. Артылерыя Паўднёвай групоўкі войскаў выканала 69 агнявых задач.
За мінулыя суткі знішчаныя да 310 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, баявая машына РСЗА «Град», гаўбіца «Мста-Б», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Прачыстаўка Данецкай вобласці і Чырвонае Запарожскай вобласці. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Гуляйполе і Палтаўка Запарожскай вобласці знішчаныя два склады боепрыпасаў 65-й механізаванай і 44-й артылерыйскай брыгад УСУ.
За суткі на гэтых напрамках страты УСУ склалі да 90 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Херсонскім напрамку ў выніку ўдараў авіяцыі і агню артылерыі знішчаныя да 10 украінскіх вайскоўцаў і два аўтамабілі.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 94 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 135 раёнах. У раёне населенага пункта Канстанцінаўка Данецкай вобласці знішчаны склад паліва для ўкраінскай ваеннай тэхнікі. Сродкамі СПА за суткі перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя тры ўкраінскія беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: Расія не разглядае жыхароў акупаванай Украіны як грамадзян РФ
Адмірал Сяргей Авакянц пакінуў пасаду камандуючага Ціхаакіянскім флотам. Як адзначае амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны, пра перавод адмірала ў штаб курыраваць расійскія цэнтры ваенна-спартыўнай падрыхтоўкі і патрыятычнага выхавання паведаміла не Мінабароны РФ, а паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расіі ў Далёкаўсходняй федэральнай акрузе. Афіцыйная прычына пераводу: Авакянц дасягнуў памежнага ўзросту для вайсковай службы (65 гадоў). Аднак, заўважаюць эксперты, наўрад ці гэта сапраўдная прычына: некаторыя расійскія генералы працягвалі служыць у войсках і пасля дасягнення гэтага ўзросту.
Аналітыкі нагадваюць, што звальненне адбылося пасля абвешчанай міністрам Шайгу раптоўнай праверкі гатоўнасці Ціхаакіянскага флоту. Паніжэнне Авакянца можа быць звязанае з няўдачамі марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту (напрыклад, 155-й і 40-й брыгад) у раёне Вуглядара ў пачатку 2023 года. Альбо Авакянц не змог належным чынам арганізаваць правядзенне буйнамаштабных вучэнняў у Ціхім акіяне, кажуць у ISW.
Між тым вядомы расійскі ваенны блогер раскрытыкаваў неэфектыўнае выкарыстанне паветрана-дэсантных войскаў, марской пяхоты і спецназа ва Украіне. Ён заявіў, што ў расійскім войску спадзяюцца на ПДВ, спецназ і падраздзяленні марской пяхоты для правядзення наземных атак ва Украіне праз недахоп якаснай пяхоты, нягледзячы на тое, што гэтыя падраздзяленні не выкарыстоўваюцца для правядзення агульнаваенных аперацый. Такая крытыка сведчыць, што рэпутацыя гэтых падраздзяленняў як элітнай баявой сілы РФ ва Украіне сумнеўная, мяркуюць аналітыкі ISW. Яны таксама адзначаюць, што праз вялікія страты, панесеныя ва Украіне, самыя элітныя сілы Расіі яшчэ больш дэградуюць, папаўняючыся за кошт дрэнна падрыхтаваных мабілізаваных і добраахвотнікаў.
Уладзімір Пуцін даручыў віцэ-прэм'еру Расіі Марату Хуснуліну вырашыць пытанні ў пункце пропуску «Гукава» на ўкраінска-расійскай мяжы. Пуцін заявіў, што асабіста праязджаў праз гэты пункт пропуску на мяжы Растоўскай і Луганскай абласцей, вяртаючыся з нядаўняй паездкі ў акупаваныя Луганскую і Херсонскую вобласці. Пуцін заклікаў расійскія спецслужбы і праваахоўныя органы павялічыць колькасць надглядных комплексаў і супрацоўнікаў там, а таксама адрамантаваць дарогі і наладзіць маршруты з Растова-на-Доне ў Луганскую вобласць.
Загады Пуціна сведчаць пра тое, што Расія збіраецца захаваць мытныя пасты з незаконна анексаванымі ўсходнімі рэгіёнамі з меркаванняў бяспекі, кажуць эксперты. Раней Расія ўзмацніла меры бяспекі вакол моста праз Керчанскі праліў. Крэмль таксама можа выкарыстоўваць гэтыя КПП для перадухілення масавых уцёкаў мужчын з акупаванай Украіны ад прымусовай мабілізацыі, а таксама для перадухілення дэзерцірства расійскіх мабілізаваных у Расію і для падтрымання мераў фільтрацыі. Існаванне гэтых кантрольна-прапускных пунктаў яшчэ раз падкрэслівае, што расійскія афіцыйныя асобы не разглядаюць жыхароў акупаванай Украіны як грамадзян Расіі, нягледзячы на заявы, што незаконна анексаваныя тэрыторыі — гэта частка Расіі, падсумоўваюць у Інстытуце.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- Дзярждума Расіі прыняла закон, які надае сепаратыстам самаабвешчаных ДНР і ЛНР статус ветэранаў;
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Крамянной;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі разведвальную дзейнасць на паўночны захад ад Сватава;
- расійскія сілы працягвалі наземныя атакі ў Бахмуце і яго ваколіцах, уздоўж лініі фронту Аўдзееўка — Данецк і ў заходняй частцы Данецкай вобласці;
- расійскія войскі працягвалі падрыхтоўку да абароны на поўдні Украіны, асцерагаючыся магчымага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў;
- Крэмль, магчыма, зніжае прыярытэтнасць сілавых структур Мінабароны і дазваляе ПВК забіраць сабе іх салдат;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць пераследаваць украінскую моладзь, каб умацаваць грамадскі кантроль над акупаванымі тэрыторыямі.