Прызначаны 10 сакавіка на пасаду прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын мае «прэзідэнцкія схільнасці». Такое меркаванне агучыў Аляксандр Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў.

— Я хачу, каб вы заўсёды памяталі — у вас ёсць такія прэзідэнцкія схільнасці, як у мяне. Вы можаце рэзка крутануць, — сказаў палітык, звяртаючыся да Аляксандра Турчына. — Але тут вам давядзецца з Раманам Аляксандравічам (экс-прэм'ерам і новым кіраўніком Нацбанка. — Заўв. рэд.) раіцца. Вы — старшыня ва ўрадзе. І калі б я сказаў, што ў нас будзе ва ўрадзе дыктатура, то, напэўна, губернатараў я б не падцягнуў ва ўрад. Яны разумеюць, што і адказнасць будзе салідная, і вось яго блок, і ён будзе кіраваць гэтым блокам. Будзе гэта эканоміка, будаўніцтва, сельская гаспадарка ці ўвесь сацыяльны блок. Напэўна, гэта выгадна будзе і для вас.
Нагадаем, 19 кастрычніка 2024 года, Аляксандр Лукашэнка на абласных «Дажынках» у Валожыне дапусціў, што яго пераемнікам можа стаць былы кіраўнік яго адміністрацыі і цяперашні намеснік кіраўніка УНС Аляксандр Косінец, але той адмовіўся. Пасля гэтага дыялогу супрацоўніца Агенцтва тэленавін спытала ў Аляксандра Турчына, што кіраваў у той час Міншчынай, ці памятае ён перыяд, калі з яго «рабілі пераемніка».
— Ну… Слухайце… Можа быць. Я неяк не асабліва звяртаю ўвагу, хто там і з каго робіць пераемніка, — захваляваўся Турчын.